БЕСЧАЎНАКО́ВЫ СТАНО́К,

ткацкі станок, у якім уточная нітка ўводзіцца ў зеў (прастору паміж ніткамі асновы) не чаўнаком, а з дапамогай пракладчыка ўтку: рапіраў, іголак, вадзянога ці паветранага струменю, што выходзіць з сапла пад ціскам. Пасля кожнага пракладвання ўточнай ніткі яна абразаецца. У параўнанні са звычайным ткацкім станком, дзе ніткі ўтку змотваюцца са шпулі, якую нясе чаўнок, на бесчаўнаковым станку ніткі ўтку змотваюцца з нерухомых бабін, што знаходзяцца па-за зевам. Бесчаўнаковы станок адрозніваецца большай (у 2—4 разы) скорасцю пракладвання нітак, прадукцыйнасцю ткацтва, меншай вібрацыяй і шумам.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)